Міністэрства юстыцыі Кітайскай рэспублікі (КР) на Тайвані абвергла інфармацыю пра намер урада дазволіць рэгістрацыю шлюбаў за пасярэдніцтвам Інтэрнета.
Кіраўнік дэпартамента прававых спраў пры мінюсце Чжан Цын-юнь падкрэсліў, што рэгістрацыя шлюба з дапамогай Сусветнага сеціва была б зручнай, але адначасова выклікала б шэраг праблем. У прыватнасці, узніклі б складанасці з ідэнтыфікацыяй жаніха і нявесты, пацверджаннем іх свабоднай волі на ўступленне ў сямейны саюз, а таксама з устараненнем сітуацыі заключэння “імпульсіўных” шлюбаў.
Чжан адзначыў, што Грамадзянскі кодэкс КР накладвае абавязак браць шлюб і скасоўваць яго шляхам асабістай прысутнасці ў загсе. Раней глава міністэрства ўнутраных спраў Ляо Ляо-і выступіў з прапановай унесці ў заканадаўства абавязковае патрабаванне пра выкананне “кансультатыўнага тэрміну” для сямейных пар, якія прынялі рашэнне развесціся. На думку Ляо, згаданае правіла стане адным з захадаў урада па захаванні цэласнасці сям’і.