Шведcкая палітычная дзяячка Ева-Брыт Свенсан стварыла законапраект, які забараняе прапаганду сексу, дыскрымінацыі ды няроўнасці. Аўтарка юрыдычнага новаўвядзення, якое робіць больш жорсткімі рэкламныя нормы, з’яўляецца сяброўкай Еўрапейскага парламента і лічыць, што такія законы павінны з’явіцца ва ўсіх 27 краінах Еўрасаюза. Па меркаванні палітыка, для кантролю над сексуальнай рэкламай павінны быць створаны адмысловыя органы, якія працуюць па прынцыпу поўнай нецярпімасці да “медыя-выяў, якія сексуальна зневажаюць і абражаюць кабет”.
Еўрапейскі камітэт па правах жанчын настойвае на разглядзе новага закона, які дыктуе забарону на выкарыстанне рэкламістамі ўсялякіх ідэй, што зневажаюць чалавека, а асабліва, жанчын. Занадта адкрытая і сексуальная рэклама ў краінах Еўропы будзе забараняцца. Жыхары дзяржаў Еўрасаюза больш не ўбачаць, напрыклад, французскі лейбл “La City”, чыя рэклама пад дэвізам “Мы апранаем голых жанчын”, адлюстроўвала жанчыну, якая стаіць на карачках у асяроддзі статка авечак.
Жаночая знешнасць стала таварам. Каб заахвоціць людзей купляць тавары і паслугі, рэкламная індустрыя выкарыстоўвае прывабнасць жаночых цел на плакатах і ў роліках, якія “пазіцыянуюць жанчыну як сексуальны аб’ект або ўмацоўваюць гендэрныя стэрэатыпы”.
Ева-Брыт Свенсан, актыўная праціўніца традыцыйных ўяўленняў, якія дыктуюць мужчынскія і жаночыя ролі ў соцыуме, у сваім дакладзе таксама рэзка асудзіла празмерна худых мадэляў. Па меркаванні дакладчыцы, дэфіле па подыуму такіх дам вядзе да фармавання няправільных каштоўнасцяў у свядомасці маладых дзяўчын.
|