Завяршыўся гендэрны конкурс міжнароднай праграмы “Крок да роўнасці”. Ён праводзіўся пры актыўнай інфармацыйнай падтрымцы Беларускай рэдакцыі Польскага радыё для замежжа. Пераможцамі сталі сем удзельнікаў з некалькіх рэгіёнаў нашай краіны. У якасці ўзнагарод яны атрымаюць прымачы з рознымі дыяпазонамі хваль. Гран-пры – радыёмагнітафон – заваяваў Міхаіл Шавель з Менска.
А зараз – адказ на конкурснае пытанне.
Сусветны дзень мужчын на планеце існуе. Ініцыятарам яго святкавання выступіў прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў. Адзначаецца гэты дзень з 2000 года. Пэўнай даты няма, яго праводзяць у першую суботу лістапада. Сусветны статус гэтага свята падтрымлівае Арганізацыя Аб'яднаных Нацый. Міжнароднае журы выбірае з выбітных мужчын тых, каго па высокіх прафесійных і маральных якасцях можна паставіць у прыклад іншым. Улічваецца актыўнасць прэтэндэнтаў у сацыяльнай і гуманітарнай галінах. Лаўрэатам уручаецца паменшаная копія скульптуры Радэна “Мысляр”. Сярод пераможцаў людзі, што прадстаўляюць розныя краіны і сферы чалавечай дзейнасці. Гэта – палітыкі (Ганс-Дытрых Геншэр, Лех Валенса), лекары, знакамітыя людзі з мастацтва і шоу-бізнеса (Лучана Павароці, Пол Макартні, Ален Дэлон, Раман Паланскі, Стывен Спілберг, Максіміліян Шэл, Хасэ Карэрас ды іншыя), папа рымскі Ян-Павел II, пажарнікі з Нью-Ёрка і інш.
Матэрыялы пра конкурс размешчаныя ў раздзеле “Прэса аб праграме” на сайце www.gender.do.am.