Высокі ўзровень эстрагену спрыяе не толькі жаночай прыгажосці, а і здрадзе. Гэта даказалі амерыканскія навукоўцы.
У даследаваннях бралі ўдзел 52 жанчыны ва ўзросце ад 17 да 30 гадоў. Асноўная ўмова – удзельніцам нельга было прымаць гарманальных кантрацэптываў.
Вучоныя двойчы змерылі ў іх узровень эстрагену. Пазней папрасілі, каб жанчыны ацанілі, наколькі яны самі лічаць сябе павабнымі ды прыгожымі. Здымкі ўдзельніц праекту паказалі незнаёмым асобам, якія таксама ацэньвалі іх выгляд.
Найбольш павабнымі былі прызнаны жанчыны з найвышэйшым узроўнем гармону эстрагену. Яны самі казалі, што вядуць бурлівае сексуальнае жыццё і хоць маюць пастаяннага партнёра, не пазбягаюць кантактаў з іншымі мужчынамі.
Даследчыкі дадаюць, што партнёрам нялёгка задаволіць прыгожую жанчыну. Калі яна разумее сваю прывабнасць, то можа імкнуцца шукаць яшчэ лепшага магчымага бацьку для сваіх дзяцей.