Міжнародная сетка няўрадавых арганізацый “Social Watch”, якая дзейнічае на карысць сацыяльнага развіцця і гендэрнай роўнасці, б’е трывогу: звыш за палову жанчын на свеце жыве ў краінах, якія не прадэманстравалі аніякага прагрэсу ў галіне раўнапраўя палоў на працягу апошніх некалькіх гадоў.
Незалежная статыстыка GEI (Gender Equity Index), сабраная экспертамі “Social Watch” тычыцца такіх аспектаў раўнапраўя, як доступ да адукацыі, становішча на рынку працы ды ўдзел жанчын у палітыцы. І хаця большасць краін гарантуе дзяўчынкам і хлопчыкам роўныя шанцы на адукацыю, ужо на больш познім этапе жыцця жанчыны сутыкаюцца з сур’ёзнымі бар’ерамі, якія абмяжоўваюць іх магчымасці ўдзелу ў грамадскім жыцці і кар’ернага росту нароўні з мужчынамі.
Ужо традыцыйна самы высокі ўзровень роўнасці мы назіраем у Швецыі, і адразу ж за ёй – у Фінляндыі і Нарвегіі. Істотна тое, што багацце краіны не гарантуе роўнасці – Люксембург і Швейцарыя апынуліся на такім жа самым узроўні, што і Мазамбік, тымчасам, Руанда, адна з найбольш бедных дзяржаў свету, мае такі ж самы вынік, што і высокаразвітая Нямеччына.