У пісьмовай заяве з нагоды 8 Сакавіка кіраўнік Кітайскай рэспублікі (КР) Ма Ін-цзю падзякаваў жанчынам за ўнёсак у дабрабыт сваіх сямей і грамадства ўвогуле. Ён паабяцаў стварыць умовы для раскрыцця патэнцыялу тайванек і забеспячэння іх шчаслівага жыцця.
Прэзідэнт адзначыў, што КР знаходзіцца на 22 месцы ў свеце па развіцці гендэрнай палітыкі ды на 24 – па ажыццяўленні роўнасці палоў.
Працягласць жыцця тайванек вырасла з 79 гадоў ў 1998 годзе да 82 – сёлета. Гэта больш, чым сярэдняя даўжыня жыцця мужчын.
Прэзідэнт канстатаваў, што ў навучальных установах вострава вучыцца больш дзяўчын, чым хлопцаў. Ма Ін-цзю дадаў, што ўсё вышэйпералічанае даказвае аднолькавую даступнасць для жанчын і мужчын Тайваня дасягненняў краіны ў галіне адукацыі, аховы здароўя й эканомікі.
Адзначыўшы, што дэпутаткі займаюць 30% месцаў у тайваньскім парламенце – больш, чым у Японіі, Сінгапуры і Паўднёвай Карэі – лідэр выспы паведаміў, што ў будучыні ва ўрадавых установах для абодвух палоў будзе прызначацца мінімум траціна вакансій.
Прэзідэнт паабяцаў стварыць адмысловае ведамства, якое будзе забяспечваць гендерную роўнасць і абарону жанчын ад дыскрымінацыі.