Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі выдзяліла толькі 5% месцаў для дзяўчат, пры гэтым толькі на следча-экспертным факультэце. Паведаміў аб гэтым кіраўнік згаданай ВНУ Уладзімір Бачыла. Усяго на факультэце будзе вучыцца 135 чалавек. Летась для дзяўчат было выдзелена каля 10% усіх месцаў у Акадэміі МУС. Начальнік Акадэміі МУС растлумачыў, што набор дзяўчат скарочаны ў сувязі са складанасцю прафесіі і навучання ў акадэміі. Паводле яго слоў, супрацоўнік МУС павінен валодаць пэўнымі псіхалагічнымі асаблівасцямі і маральнымі якасцямі, мець сур’ёзную фізічную падрыхтоўку, быць вынослівым і адпавядаць патрабаванням, што прад’яўляюцца да яго. Акрамя таго, "ніхто не будзе чакаць тры гады, пакуль жанчына выйдзе з дэкрэтнага адпачынку”, – зазначыў Бачыла.