Галоўная » 2009»Декабрь»25 » Актывістаў “ГейБеларусі” аштрафавалі за гуманістычную акцыю
Актывістаў “ГейБеларусі” аштрафавалі за гуманістычную акцыю
10:40
23 снежня ў судзе Савецкага раёна беларускай сталіцы прайшлі апошнія паседжанні над удзельнікамі пратэсту каля іранскай амбасады ў Менску. Сяргей Прадзед атрымаў штраф памерам у 10 базавых велічынь (350 тысяч беларускіх рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Ён пакараны паводле часткі 1 артыкула 23.34 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (КаАП). Сяргей Андросенка быў прызнаны вінаватым у арганізацыі згаданага мерапрыемства. Ён пакараны паводле ч. 2 арт. 23.34 КаАП і атрымаў штраф у 25 базавых велічынь (875 тысяч Br).
"Мы выступалі супраць смяротнага пакарання за фізіялагічную асаблівасць, – тлумачыць старшыня праваабарончага праекта "ГейБеларусь” Сяргей Андросенка. – Гэта тое ж самае, што пачаць забіваць у Беларусі рудых, блакітнавокіх ці ляўшэй. Мы прыцягнулі ўвагу да праблемы забойстваў бязвінных іранцаў, выкарыстаўшы макcімальна магчымыя сродкі. Свет не можа зараз пачуць голас іранскіх геяў, якіх караюць смерцю, але мы, актывісты праваабарончага ЛГБТ-руху, павінны абараніць іх”.
Трэцяму удзельніку акцыі Аляксандру Гагарыну прысуд – штраф у 105 тысяч рублёў – быў вынесены 17 снежня, на наступны дзень пасля правядзення пікета.