У сусветным рэйтынгу гендэрнай роўнасці Беларусь заняла 34 месца. На постсавецкай прасторы лепшая сітуацыя жанчын назіраецца толькі ў Летуве. Іншыя краіны былога сацлагера апынуліся далёка за Беларуссю.
Наша краіна апярэдзіла нават шмат якія высокаразвітыя краіны – такія, як Аўстрыя, Партугалія, Славенія, Польшча, Люксембург, Вугоршчына, Італія, Чэхія (Еўропа), Ізраіль і Японія (Азія).
Першыя месцы ў згаданым рэйтынгу традыцыйна трымаюць скандынаўскія краіны: Ісландыя, Фінляндыя, Нарвегія і Швецыя.
За апошнія гады сітуацыя з гендэрнай роўнасцю ў Беларусі пагоршылася. У 2007 годзе краіна была на 23 месцы, а летась апынулася на трыццаць трэцім.
Справаздача складзеная на падставе паказчыкаў удзелу жанчын у эканамічным і палітычным жыцці краіны: узроўню аплаты за роўную працу, даходаў жанчын у параўнанні з мужчынамі, колькасці жанчын на кіруючых пасадах, узроўню адукацыі, сярэдняй працягласці жыцця.
З пералічаных фактараў найгорш становішча выглядае з адукацыяй беларусак. Паводле гэтай катэгорыі наша краіна апынулася на 75 месцы.
Найгорш сітуацыя з гендэрнай роўнасьцю выглядае ў Іране, Турцыі, Саўдаўскай Аравіі, Пакістане, Йемене (Азія), Беніне і Чадзе (Афрыка).