Сярод краін свету Беларусь займае трыццаць трэцяе месца па спрыянні мацярынству. Гэта вынікае з рэйтынгу "Mothers’ Index” (Матчыны паказчыкі). Яго ў адзінаццаты раз склала міжнародная грамадская арганізацыя "Save the Children” (Ратуйце дзяцей).
Крытэры дадзенага рэйтынгу – гэта індыкатары становішча жанчын (здароўе, адукаванасць, палітычны і эканамічны статус) і дзяцей (магчымасць карыстацца медыцынскімі і адукацыйнымі паслугамі).
Найлепш мамам жывецца ў скандынаўскіх краінах і ў нашых антыподаў: Нарвегіі, Аўстраліі, Ісландыі, Швецыі, Даніі, Новай Зеландыі, Фінляндыі. У Нарвегіі, напрыклад, бацькі маюць права ўзяць ажно 46 тыдняў дэкрэтнага адпачынку за 100% заробку альбо 56 тыдняў – з 80% ад зарплаты.
Усяго ў рэйтынгу 160 краін. Польшча стаіць на 29 месцы, Японія – на 32, Балгарыя – на трыццаць чацвёртым. Расія знаходзіцца на 38 прыступцы. Украіна – на трыццаць дзевятай пазіцыі, а Малдова – саракавой. Найгоршыя ўмовы для мацярок існуюць у Афганістане.
Разрыў у даступнасці аховы здароўя і адукацыі выглядае асабліва драматычным пры параўнанні лідэра і аўтсайдэра. Кваліфікаваныя медработнікі прысутнічаюць практычна на ўсіх родах у Нарвегіі. У Афганістане медыкі абслугоўваюць толькі 14% рожаніц. Звычайна нарвежкі маюць больш за 18 гадоў фармальнай адукацыі. У сярэднім жыхаркі Афганістана вучацца крыху болей, чым чатыры гады. 82 адсоткі нарвежак выкарыстоўваюць некаторыя сучасныя метады кантрацэпцыі. У Афганістане 16 працэнтаў жанчын карыстаюцца супрацьзачаткавымі сродкамі. 1/4 афганскіх малых памірае ва ўзросце да пяці гадоў. У Нарвегіі гэтыя суадносіны складаюць 1 да 132.