1 студзеня Дылма Русеф афіцыйна ўступіла на пасаду прэзідэнта Бразіліі. 63-гадовая эканамістка стала першай прадстаўніцай жаночага полу, якая заняла найвышэйшы пост у гэтай паўднёваамерыканскай дзяржаве.
Урачыстая цырымонія інаўгурацыі Русеф, якой трэба кіраваць Бразіліяй на працягу найбліжэйшых 4 гадоў, прайшла ў сталіцы Бразіліа, у парламенце краіны.
"Я абяцаю захоўваць і абараняць Канстытуцыю дый іншыя законы, працаваць у імя павышэння дабрабыту бразільскага народа, падтрымліваць адзінства, цэласнасць і незалежнасць Бразіліі”, – заявіла Дылма Русеф перад прысутнымі ў будынку федэральнага Кангрэса.
Ганаровымі гасцямі інаўгурацыі Русеф сталі шматлікія замежныя госці, у тым ліку прэзідэнты Балівіі, Венесуэлы, Гватэмалы, Калумбіі, Парагвая, Перу, Сальвадора, Уругвая і Чылі, а таксама іспанскі прынц Феліпе дэ Бурбон і дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан.