Некалькі арганізацый у Дамініканскай Рэспубліцы і Гаіці выказалі абурэнне, расчараванне і гнеў ў сувязі з аднаўленнем гвалту ў адносінах да жанчын у Мексіцы. Яны запатрабавалі ад ўрада краіны неадкладна спыніць гэтыя злачынствы.
У лісце, які грамадскія актывісты даставілі ў амбасаду Мексікі ў Санта-Дамінга і накіравалі прэзідэнту краіны, Феліпе Кальдэрону, гаворыцца аб нядаўніх забойствах Сусаны Чавес і Марыселы Эскабеда, якія змагаліся за грамадзянскія свабоды. У пасланні падкрэсліваецца, што "новыя гатункі гвалту” з боку мужчын па-ранейшаму спрыяюць пагаршэнню сумнай статыстыкі злачынстваў супраць жанчын.
Праваабаронцы дадалі, што Мексіка – не адзінае месца, "дзе дзяўчынак і жанчын штодня забіваюць, катуюць, гвалтуюць, калечаць, гандлююць імі, б’юць і прыніжаюць”. Па іх меркаванні, такія краіны, як Гватэмала, Дамініканская Рэспубліка ды іншыя суседнія рэспублікі таксама ўваходзяць у спіс дзяржаў са шматлікімі выпадкамі гендэрнага гвалту. Аднак менавіта ў Мексіцы, па словах актывістаў, у дачыненні да прадстаўніц праваабарончага руху ўжываюцца асабліва жорсткія дзеянні, а таксама пагрозы, каб прымусіць іх замаўчаць.
Падпісанты ліста просяць, каб урад абараніў патэнцыйных ахвяр і іх сваякоў, кампенсаваў урон сем’ям забітых жанчын і пакараў вінаватых.
Летась прынамсі 1728 жанчын былі забітыя ў 18 з 32 мексіканскіх штатаў.