Галоўная » 2010»Май»21 » КНР: здароўе жанчын і дзяцей – гэта аснова глабальнага развіцця
КНР: здароўе жанчын і дзяцей – гэта аснова глабальнага развіцця
22:02
Міністр аховы здароўя Кітая Чэнь Чжу (на здымку) у сваім выступленні ў Жэневе (Швейцарыя) на 63-й сесіі Сусветнай асамблеі аховы здароўя вылучыў чатыры прапановы па паскарэнні рэалізацыі Мэтаў развіцця тысячагоддзя. Ён падкрэсліў, што КНР мае намер падтрымліваць усе намаганні дзеля ажыццяўлення згаданых глабальных планаў. Па словах Чэнь Чжу, здароўе жанчын і дзяцей павінна стаць цэнтральным зместам сацыяльна-эканамічнага развіцця. Усім краінам варта надаваць большую ўвагу будаўніцтву сістэмы аховы здароўя, даць адпаведныя палітычныя абяцанні, умацаваць прафілактыку, павялічыць маштабы ўкладанняў у ахову здароўя і мабілізаваць сілы грамадскасці для ўдзелу ў развіцці і рэфармаванні адпаведнай сістэмы.
Па словах кітайскага міністра, хранічныя неінфекцыйныя захворванні вычэрпваюць рэсурсы і робяцца сацыяльна-эканамічнай рызыкай, якая распаўсюджваецца без спынення. Міжнародная супольнасць павінна, сыходзячы са стратэгічнай разважлівасці, распрацаваць і распачаць больш эфектыўныя меры супрацьдзеяння гэтаму. Міністр падкрэсліў, што развітыя дзяржавы павінны ўвасобіць у жыццё дадзеныя імі абяцанні і павялічыць дапамогу ў галіне развіцця. Краіны, што развіваюцца, у сваю чаргу, мусяць узмацняць супрацоўніцтва Поўдзень – Поўдзень, абменьвацца вопытам і падтрымліваць адна адну. Сусветная арганізацыя аховы здароўя і іншыя міжнародныя структуры па барацьбе са СНІДам, сухотамі, малярыяй і іншымі захворваннямі павінны аб’яднаць міжнародныя рэсурсы і стаць партнёрамі для таго, каб адыграць больш важную ролю ў справе найхутчэйшай рэалізацыі Мэтаў развіцця тысячагоддзя і актывізацыі будаўніцтва больш дасканалай сістэмы аховы здароўя.