Адной з прычын катастрафічнай дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі ды суседніх краінах з’яўляецца алкагалізацыя насельніцтва. Як паведамляе агенцтва БелаПАН, пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў Валянцін Талкачоў, старшыня Беларускага грамадскага аб`яднання "Цвярозасць-Аптымаліст”.
Ён зазначыў, што здароўе грамадзян і прырост насельніцтва ў паўночных краінах, такіх, як Швецыя і Нарвегія, разам з іншымі фактарамі можна патлумачыць цяжкадаступнасцю алкаголю і яго дарагоўляй. "У Швецыі адзін магазін на ўскраіне горада разлічаны на 29 тысяч насельніцтва і бутэлька гарэлкі каштуе 60 еўра, у нас жа ўсё наадварот: адзін магазін у лёгкадаступным месцы разлічаны на 200 чалавек і цана бутэлькі гарэлкі – 7 тысяч рублёў”, – сказаў Талкачоў.
У сваю чаргу галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксей Аляксандраў зазначыў, што па леташніх выніках у краіне было прададзена спіртных напояў па 12 літраў абсалютнага алкаголю на душу насельніцтва. Інакш кажучы, кожны жыхар Беларусі, ад немаўляці да старога, выпівае 50 бутэлек гарэлкі за год.
Кіраўнік цэнтра маніторынгу наркалагічнай сітуацыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Сяргей Восіпчык дадаў, што Сусветная арганізацыя здароўя пры падліку колькасці літраў на душу насельніцтва не ўлічвае дзяцей да 15 гадоў, затое фіксуе долю выпітых нелегальных напояў. Паводле яго, з улікам гэтых двух паказчыкаў узровень спажывання алкаголю на душу насельніцтва ў Беларусі набліжаецца да 18 – 20 літраў.