Надоечы ў Менску адбылася другая сустрэча ў межах дыскусійнага праекта "Жаночы досвед у грамадстве і літаратуры”. Гаворка ішла пра жаночую беларускую прозу. З 2007 года ў серыі "Кнігарня "Нашай Нівы”” выйшлі два зборнікі дамскай прозы – "Жанчыны выходзяць з-пад кантролю” і "Пакахай мяне, калі ласка”. У галерэі "Ў” аўтаркі гэтых кніг, эксперты ды запрошаныя госці дыскутавалі пра тое, што такое сучасная беларуская жаночая проза, у чым яе адметнасць. Пра гэта карэспандэнтка Польскага радыё для замежжа Наталля Грышкевіч гутарыла з кіраўнічкай праекта Аляксандрай Дынько (на здымку).
А. Дынько: Нам удалося запрасіць людзей, якія, магчыма, ніколі не задумваліся пра тое, што ёсць жаночая проза, што ёсць жаночая беларуская проза. І нават прыйшлі тыя людзі, якія, можа, беларускую кнігу не ўзялі б у рукі. Нам удалося ўцягнуць іх у дыскусію, зрабіць гэтую дыскусію цікавай для двух бакоў – як для літаратуразнаўцаў, так і для чытачоў.
Н. Грышкевіч: Называючы свае зборнікі "жаночай прозай”, вы як бы супрацьстаўляеце жаночае пісанне, жаночую літаратуру, мужчынскай. Ці варта гэта рабіць, дзяліць літаратуру на жаночую і мужчынскую, а не на добрую і благую?
А. Дынько: Для мяне, аўтаркі гэтага праекта, важна было сабраць максімум меркаванняў і такую дыскусію правакаваць у грамадстве. Вось гэтая думка пра тое, што дзяліць літаратуру на мужчынскую й жаночую смешна, яна гучала й на першай дыскусіі, і на другой, і што гэтага не варта рабіць. Маўляў, ёсць толькі добрая літаратура, якасная літаратура, цікавая літаратура. Гэта такое базавае меркаванне, з якім, на маю думку, трэба спрачацца. Само існаванне гэтых зборнікаў, жаданне ўкладальнікаў іх зрабіць ужо сведчаць пра тое, што такая тэма ёсць. І што ёсць прадстаўніцы нашай літаратуры, якія пішуць адмыслова жаночую літаратуру.
Н. Грышкевіч: А хто перш за ўсё чытае гэтую літаратуру? Ці гэта галоўным чынам жанчыны, ці таксама мужчыны? Ці вы рабілі такія даследаванні, хаця б на гэтых сустрэчах?
А. Дынько: Дыскусія пацвердзіла, што жаночая беларуская літаратура адлюстроўвае цалкам праблемы беларускамоўнай літаратуры ўвогуле. І таму мы гаварылі пра тое, што асноўным чытачом беларускамоўнай літаратуры з’яўляецца гуманітарый. Гэта чалавек з філалагічнай адукацыяй, які ведае беларускую мову. Гэта досыць абмежаваная група людзей. Гэты чалавек звычайна мае невялікі прыбытак у жыцці, невялікія заробкі. З большага так атрымліваецца, што пераважна гэта й ёсць жанчыны.
Н. Грышкевіч: А што змянілася ў літаратуры – беларускай, жаночай, за апошнія гады, з таго часу, калі, скажам, Святлана Алексіевіч пісала сваю, таксама жаночую, прозу?
А. Дынько: На маю думку, важным з’яўляецца тое, што з’явілася тэма змагарства жанчыны. Тэма ўдзелу яе ў палітычнай барацьбе, адстойванні нейкіх палітычных перакананняў аб тым, як мусіць краіна развівацца, якой яна мусіць быць. Гэта сфармулявана не столькі ў палітычных тэрмінах, колькі ў эмацыянальных і літаратурных. Гэтая тэма шмат кім адзначаецца як мінус – нібыта выкарыстоўваюць жанчын як спосаб палітычнай барацьбы, але мне было вельмі прыемна, што аўтаркі запярэчылі гэтаму, сказалі, што "не, наша беларуская жанчына – яна ў тым ліку і змагарка”.
Н. Грышкевіч: Гэта найважнейшая праблематыка, якая паяўляецца ў жаночай прозе, ці можна вылучыць таксама іншыя праблемы?
А. Дынько: Тэма змагання за нацыянальную ідэнтычнасць – гэта адна з адметнасцяў нашай жаночай беларускай прозы на дадзеным этапе. Наша проза развіваецца прыблізна на ўзроўні сярэдзіны мінулага стагоддзя, калі казаць пра глабальны літаратурны працэс. Нашых жанчын, канешне, хвалююць вельмі быційныя тэмы – узаемаадносінаў, тэма пошукаў месца ў жыцці, тэма выхавання дзяцей, тэма перажывання свайго мацярынства ці немацярынства. Гэта тэмы стандартныя для жаночай прозы. Адно, што ў нас не з’явілася пакуль, або з’явіліся толькі прыкметы незвычайных для нашага літаратурнага дыскурсу тэмаў, як, напрыклад, лесбійская проза.
Н. Грышкевіч: Здаецца, што ўзровень эмансіпацыі беларускіх жанчын застаецца далёка за заходнееўрапейскім. Ці гэтыя тэмы ўжо былі пройдзеныя?
А. Дынько: Усё ж такі эмансіпацыя беларускіх жанчынаў на досыць высокім узроўні. І ў гэтым вялікая заслуга якраз такі савецкага ладу жыцця, дзе жанчына мела хаця б фармальна роўныя палітычныя і працоўныя правы з мужчынам. Нам ужо не давялося змагацца за нейкія вельмі натуральныя для нас рэчы, як, напрыклад, выбарчае права, якое жанчыны Швейцарыі атрымалі толькі ў шасцідзесятыя гады, як права на развод, якое жанчыны Ірландыі атрымалі толькі ў дзевяностыя гады XX стагоддзя. Мы гэтым карыстаемся досыць даўно. Нам не трэба было даводзіць, што жанчына можа працаваць. Напрыклад, у Амерыцы гэта збольшага стала распаўсюджана толькі ў саракавыя гады. Беларуская жанчына ўжо ёсць вельмі эмансіпаванай. Іншая справа, што ў сітуацыі цяперашняга палітычнага, ідэалагічнага ладу ўсё заточана на тое, каб захаваць падпарадкаванасць, і патрыярхатнасць з’яўляецца адным з вельмі моцных рэсурсаў захавання гэтай падпарадкаванасці, гэтай уладарнай піраміды. Так свет пабудаваны, што наверсе гэтай піраміды стаіць мужчына.
Н. Грышкевіч: Наступныя сустрэчы ў рамках дыскусійнага праекта "Жаночы досвед у грамадстве і літаратуры” пройдуць у Менску з 10 па 15 чэрвеня. Яны будуць прысвечаны тэме жаночага актывізму. Да дыскусіі будуць запрошаны прадстаўніцы жаночых грамадскіх арганізацый.