Сярод сталічных блогераў ідуць дыскусіі аб некарэктнасці абвестак, якія гучаць у менскім метро. “Паважаныя мужчыны! Памятайце званне сваё. Саступайце месцы жанчынам!” – такімі фразамі кіраўніцтва сталічнага метрапалітэна вырашыла зрабіць “сільны” пол ветлівым у адносінах да “слабага”. Нечакана ў часткі менскіх жанчын такая ініцыятыва выклікала не пачуццё ўдзячнасці, а пратэст. “Няўжо вам падабаецца, калі вас публічна абвяшчаюць слабай? Вы не ў стане ехаць стоячы? Вы згодны з-за магчымасці ехаць седзячы выключацца з разнастайных ўзаемадачыненняў?”, “Гэта яшчэ адзін напамін нам, жанчынам, пра тое, што беларускае грамадства кансерватыўна-патрыярхальнае, і нам патрэбна змагацца за свае правы”, “Нагадваючы пра неабходнасць саступіць месца, жанчын ставяць у адну чаргу з цяжарнымі, якім цяжка стаяць, інвалідамі і старымі. Гэта толькі падаецца, што гаворка ідзе пра ветлівасць, з такіх дробязей складаецца сістэма несправядлівасці”, – такія меркаванні можна знайсці на адгалінаваннях дыскусій. Дарэчы, выступаючых супраць некарэктных абвестак сярод інтэрнет-карыстальнікаў абодвух палоў нашмат болей чым тых, хто лічыць, што ў метрапалітэне рэкламуюць звычайную ветлівасць і этыкет.