Сайт www.gender.do.am ужо расказваў аб “цяжарным мужчыне”, які насамрэч з’яўляецца жанчынай, якой выдалілі грудзі і для якой правялі курс гарманальнай тэрапіі. Цікава, што цяжарнымі ў розны час абвяшчалі сабе і сапраўдныя мужчыны, якія не былі ні трансвестытамі, ні вар’ятамі. Так, на сайце інавацыйнага Медыцынскага цэнтра Двэйна вядзе on-line-дзённік нехта Лі Мінь-вэй. Гэты спадар абвясціў сабе цяжарным. Наведвальнікі сайта могуць пабачыць фотаздымкі Лі Мінь-вэя з “жывоцікам”, а таксама пацікавіцца яго электракардыяграмай, вынікамі ультрагукавога даследавання й іншымі медыцынскімі ды антрапаметрычнымі паказчыкамі. Паводле спецыялістаў цэнтра Двэйна, яны імплантавалі спадару Мінь-вэю яйцаклетку разам з плацэнтай. Такім чынам мужчына здолеў зацяжарыць. Усё выглядае даволі праўдзіва, але “мужчына-інкубатар” Лі Мінь-вэй – мастак, які спецыялізуецца на арт-праектах ды перфомансах – вядзе гэты дзённік ужо на працягу… чатырох гадоў. У розных краінах навукоўцы займаюцца сур’ёзнымі даследаваннямі і прапануюць розныя метады, як зрабіць мужчыну цяжарным. Псіхолагі лічаць, што жаданне мужчыны стаць цяжарным – гэта своеасаблівы адказ на тое, што жанчыны пераймаюць мужчынскія паводзіны ды функцыі. У такой сітуацыі праблемы з самаідэнтыфікацыяй і псіхалагічныя цяжкасці выклікаюць у мужчыны жаданне выканаць жаночую функцыю – нарадзіць дзіця.