Прэм’ер-міністарка з’явіцца ў Ізраілі магчыма ўжо на пачатку кастрычніка, пасля Новага года па яўрэйскім каляндары.
Але ультраартадаксальныя ізраільскія газеты адмаўляюцца публікаваць фатаграфіі Цыпі Ліўні і пазбягаюць згадваць поўнае імя новай лідэркі кіруючай партыі. У якасці прычыны называецца захаванне рэлігійнай сціпласці. Імя Ліўні – “Цыпі”, вытворнае ад “Цыпора”, што азначае “птушка”.
“Мы маглі бы напісаць “спадарыня Ц. Ліўні” або толькі “спадарыня Ліўні”, але імя “Цыпі” занадта фамільярнае. Зварот да жанчыны па імені (а тым больш па псеўданіме) непрымальна”, – кажа рэдактар вельмі ўплывовай ультраартадаксальной газеты “А-Модыа”. Стратэгічны дарадчык па сувязях з грамадскасцю Аўраам Кройзер згадаў: “Ніводная газета, якая выпускаецца для ультраартадаксальных чытачоў, не апублікуе фатаграфію Ліўні. Графікі размываюць твар жанчыны, калі гэтую фатаграфію плануецца апублікаваць у газеце”.
Наомі Раген, аўтар некалькіх кніг аб жыцці ў ультраартадаксальным свеце, не дзівіцца такой забароне: “У гэтых газетах ніколі не друкуюць фатаграфіі жанчын. Жанчын проста не існуе. Гэтыя газеты – чыста мужчынскі клуб. Нават калі гаворка ідзе аб артыкуле на чыста жаночую тэматыку”.
Усяго каля 600 тысяч з сямімільённага насельніцтва Ізраіля з’яўляюцца ультраартадоксамі, або “харэдым”. Гэтае агульнае паняцце, якое пазначае групу яўрэяў, якія імкнуцца ўсё рабіць пунктуальна па Торы. Іх жыццё строга рэгламентаванае: гэта тычыцца нормаў для ежы, адзення, адукацыі і кніг для чытання. Правілы, паводле якіх яны жывуць, больш суровыя, чым, тыя, якіх прытрымліваюцца паслядоўнікі артадаксальнага іудаізму. Асабліва шануецца сціпласць. Ультраартадоксы цалкам не дапускаюць праявы нясціпласці ў сваіх жонак і дачок. Жанчын “харэдым” успрымаюць у большай ступені як захавальніц хатняга ачагу, маці шматлікага патомства і рэкамендуюць ім быць сціплымі ва ўсіх справах. Ля ўваходу ў іерусалімскі квартал, у якім пражываюць ультраартадоксы, вісіць плакат, які заклікае жанчын насіць “сціплую адзежу”. “Харэдым” валодаюць вялікай палітычнай сілай, маюць сваіх прадстаўнікоў ва ўрадзе, займаюць уплывовыя пасады ў яўрэйскай дзяржаве, дзе рэлігія адыгрывае велізарную ролю.