Галоўная » 2008»Октябрь»9 » Смяротнае пакаранне, або судовае забойства два стагоддзі таму
Смяротнае пакаранне, або судовае забойства два стагоддзі таму
21:47
У Швейцарыі прынятае сапраўды гістарычнае рашэнне – праз 226 гадоў рэабілітавана апошняя забітая ў Еўропе ведзьма. Ганна Гельдзі была абезгалоўлена ў 1782 годзе. Яна працавала прыслужніцай у доме паважанага суддзі Іягана-Якаба Тшудзі і зацяжарыла ад гаспадара. Каб выратаваць сям’ю ад ганьбы, прадстаўнік Феміды ініцыяваў працэс. Гельдзі абвінавачвалася ў тым, што яна сурочыла й атруціла 8-гадовую дачку гаспадара, даючы малако з падмяшанымі голкамі. Ад гэтага напою дзяўчынка стала калаціцца час ад часу, у яе пачаліся сутаргі.
Пад катаваннямі прыслужніца прызналася, што з’яўляецца вядзьмаркай. Судовы прысуд прывялі ў выкананне. У пераважнай большасці выпадкаў ведзьмаў спальвалі жыўцом на вогнішчы, і адсячэнне галавы, па сведчанні гісторыкаў, было “лёгкім смяротным пакараннем”.
Суд над Ганнай Гельдзі лічыцца адным з сімвалаў беззаконня – ужо тады было ясна, што прысуд быў сфабрыкаваны. Упершыню ў еўрапейскай гісторыі лёс мяркуемай вядзьмаркі стаў аб’ектам парламенцкіх дэбатаў. Але з першай спробы апраўдаць Гельдзі не атрымалася. Парламенту кантона Гларус спатрэбілася два гады і дзве спробы, каб апраўдаць жанчыну. У 2007 годзе ўрад і царкоўная рада рэгіёна адхілілі просьбу аб рэабілітацыі, адзначыўшы, што для гэтага няма дастатковых абгрунтаванняў. Настойлівасць дэпутатаў парламента перамагла, і ў 2008 году пад іх ціскам урад кантона са згоды прадстаўнікоў каталіцкіх і пратэстанцкіх цэркваў рэабілітаваў Гельдзі. Чальцы рэгіянальнага парламента вынеслі вердыкт, што 48-гадовая прыслужніца была невінаватая і вынясенне ў 1782 годзе смяротнага вырака было “судовым забойствам”. Улады выдаткавалі 120 тысяч франкаў на святкаванне “Дня Ганны Гельдзі”, які адзначаецца 13 чэрвеня. У сярэднявеччы ў Еўропе па абвінавачванні ў вядзьмарстве загінулі каля 100 тысяч чалавек. Большасць з іх – жанчыны.