Галоўная » 2008»Октябрь»9 » Большасць лаўрэатаў сёлетняй прэміі “За дастойны лад жыцця” – жанчыны
Большасць лаўрэатаў сёлетняй прэміі “За дастойны лад жыцця” – жанчыны
21:50
Абвешчаны лаўрэаты ўзнагароды “За дастойны лад жыцця”, якая прысуджаецца шведскім фондам “Right Livelihood Award”. Гэтая прэмія ўручаецца, каб “ушанаваць і падтрымаць тых, хто знайшоў вырашэнне галоўных праблем нашага часу”. Сёлетняя ўзнагарода – 2 мільёны шведскіх крон (прыкладна 200 тысяч €) –адзначыла поспехі ў незалежнай журналістыцы, барацьбе за мір і падтрыманні сацыяльнай справядлівасці.
Прэмія падзелена паміж чатырма лаўрэатамі: сям’ёй Джаганхатанаў (Індыя), Эмі Гудман (ЗША), Монікай Хаузер (ФРГ) і Ашай Хаджы (Самалі). Джаганхатаны стварылі арганізацыю “LAFTI”, што змагаецца за сацыяльную справядлівасць і ўстойлівае развіццё. Журналістка Эмі Гудман заснавала тэле- і радыёпраграму “Дэмакратыя цяпер!”. Нямецкая лекарка Моніка Хаузер ініцыявала міжнародную асацыяцыю “Medica mondiale”. Аша Хаджы з’яўляецца актывісткай самалійскага жаночага руху за мір.
Вось як яе апісвае прадстаўніца журы прэміі Марыян Андэрсан: “Фантастычная жанчына. Нарадзілася ў Самалі 46 гадоў назад. Па адукацыі – эканамістка. Можна сказаць, што яна ўсё сваё жыццё працуе дзеля таго, каб у яе радзімы – Самалі, дзе, як мы ўсе ведаем, існуе шмат вельмі сур’ёзных праблем – з’явіліся шанцы на лепшую і мірную будучыню”. Фонд “Right Livelihood Award” заснаваны ў 1980 годзе шведскім пісьменнікам, журналістам і колішнім чальцом Еўрапейскага парламента Якабам фон Укскулем. З 1985 года прэмія “За дастойны лад жыцця” штогод уручаецца ў парламенце Швецыі – рыксдагу.