Галандыя пазбавіцца ад кварталаў чырвоных ліхтароў?
09:15
Улады горада Эйндховена (правінцыя Паўночны Брабант, Нідэрланды) сур’ёзна занепакоены колькасцю жрыц кахання. Чыноўнікамі распрацаваны план скарачэння вулічнай прастытуцыі. Новы падыход да гэтай праблемы прадугледжвае сістэму стымулявання, якая можа зацікавіць жанчын кінуць самую старажытную прафесію. Дамы, якія вырашылі змяніць занятак і распачаць крокі да больш бяспечнага спосаба жыцця, будуць атрымліваць так званыя “вулічныя балы”, якія яны могуць выкарыстаць, каб набываць мадэльнае адзенне або мэблю. Сістэмай матэрыяльнага стымулявання прадугледжваюцца адмысловыя ваўчары для кожнага захаду на шляху да вызвалення ад секс-бізнеса. Іх можна абмяняць на наяўныя грошы для ажыццяўлення пакупак. Калі дзяўчыны прымаюць прапанову гарадской рады, то ім будзе прызначаны адмысловы інструктар-трэнер. Яго першаступенная задача заключаецца ў тым, каб дапамагчы жанчынам набрацца адвагі, пастаяць за сябе, вызваліцца ад гандлю сваім целам.
Горад будзе аплачваць трэнінгі, каб дапамагчы сексуальным працаўніцам парваць з сутэнёрамі. Будуць прафінансаваны і розныя семінары, кансультацыі і курсы аб тым, як знайсці новую працу, набыць упэўненасць. Студэнты факультэта мастацтваў эйндховенскага каледжа дызайна падтрымалі палітыку ўлад. Яны прапанавалі ўсім, хто далучаны да плана па выпраўленні, бясплатна дызайнерскае адзенне для падвышэння самаацэнкі. Іншая іх ініцыятыва задумана як эканамічная альтэрнатыва прастытуцыі. Распрацоўшчыкі адзення з каледжа дапамогуць у стварэнні моднага брэнда самімі дзяўчынамі з вітрын раёна чырвоных ліхтароў. Дызайнеры растлумачаць з чаго пачаць, навучаць канструяванню і тэхналогіі вырабу адзення. Жанчыны змогуць запусціць уласны лейбл і на гэтым зарабляць. Амстэрдам і іншыя гарады каралеўства паступова зачыняюць свае кварталы чырвоных ліхтароў, дзе прастытуткі выстаўляюць сябе напаказ у вітрынах, падсветленых неонавымі агнямі. Але Эйндховен у адрозненне ад іншых першым прапанаваў сістэму матэрыяльнага стымулявання. Паводле плана, адмысловая зона для сексуальнай працоўнай дзейнасці павінна быць зачыненая ў горадзе да 2011 года. Прастытуцыя ў Нідэрландах цалкам узаконена з 2000 года. Тыя, хто аказвае інтымныя паслугі, з’яўляюцца прыватнымі прадпрымальнікамі і плацяць падаткі са сваіх прыбыткаў.