Дзяржаўная аўтамабільная кампанія Ірана рыхтуе да Дня іранскай жанчыны падарунак. Першыя аўтамабілі, сканструяваныя адмыслова для дам, паступяць у продаж у чэрвені наступнага года. Жаночы аўтамабіль першапачаткова прызначаецца выключна для ўнутранага рынка.
У Ісламскай Рэспубліцы Іран рэзка вырасла колькасць жанчын, якія валодаюць аўтамабілямі і навыкамі кіравання. Такі факт прымусіў кампанію, якая займае ў Іране першае месца па вытворчасці аўтатэхнікі, вывучыць упадабанні і запатрабаванні жаночай групы. Праведзеныя даследаванні дазволілі высвятліць пажаданні жанчын, у адпаведнасці з якімі была распрацавана канцэпцыя кузава ды інтэр’ер навінкі.
Аўтамабільныя камплектуючыя ўключаюць у сябе аўтаматычную каробку перадач, электронныя тармазы, якія палягчаюць працэс паркоўкі, сістэму навігацыі, спецыяльны дамкрат, што спрашчае працэдуру замены кола. Маюцца таксама іншыя прылады, якія палегчаюць аперацыі, што патрабуюць ужывання фізічнай сілы. Машына абсталявана адмысловымі датчыкамі, якія папярэджваюць аб праколах і калі шына спускаецца. Унутраны інтэр’ер і дызайн салона выкананы з улікам густаў заказчыц. Распрацаваны розныя элементы, прызначаныя для ўпрыгожвання салона, дэкаратыўныя дэталі на прыборнай дошцы. Для дзяцей у аўто прадугледжана сістэма бяспекі і ўсталяваны забаўкі.
Ісламскія ўлады Ірана афіцыйна ўхваляюць прынцып сегрэгацыі па палавой прыкмеце і выступілі ў падтрымку ідэі вытворчасці аўтамабіля для жанчын. Імі таксама ўхвалена канструкцыя жаночага ровара, які хавае ад старонняга погляду ногі і торс веласіпедысткі. Язда на ровары сярод іранак не вітаецца. Такое перасоўванне супярэчыць ўяўленням аб жаночай сціпласці. Пакуль веласіпедная навінка яшчэ не з’явілася на дарогах краіны.
Іранкам забаронена вадзіць і матацыкл. У буйных гарадах ёсць служба таксі толькі для дам: за рулём таксама кабеты. У аўтобусах і метро мужчыны і жанчыны павінны ездзіць у розных аддзяленнях.