Фаварытам прэзідэнцкай гонкі ў Летуве з’яўляецца еўракамісарка па пытаннях бюджэту Даля Грыбаўскайтэ. Нягледзячы на тое, што цягам апошніх двух месяцаў яна страціла 8% падтрымкі, за яе гатовыя аддаць свае галасы 52,9% летувісаў.
Паводле Інстытуту даследавання грамадскай думкі “Spinter tyrimai”, калі ў выбарах возьмуць удзел больш за 50% грамадзян краіны, то Грыбаўскайтэ пераможа ў першым туры галасавання.
Галоўным канкурэнтам Грыбаўскайтэ з’яўляецца старшыня сацыял-дэмакратычнай партыі Альгірдас Буткевічус. За яго гатовыя прагаласаваць 8,1% летувісаў, за былую лідарку сялянскай партыі Казіміру Прунскене – 5,2%.
Валентынаса Мазуроніса з партыі “Парадак і справядлівасць” падтрымлівае 3,6% грамадзян, Ларэту Граўжынене з Партыі працы – 3,1%. На 1,5% галасоў выбаршчыкаў можа разлічваць кандыдат польскай нацыянальнай меншасці Вальдэмар Тамашэўскі.
Першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Летуве адбудзецца ў гэтую нядзелю. Другі – 7 чэрвеня, разам з выбарамі ў Еўрапейскі парламент.