Стакгольмскі музей сучаснага мастацтва пастараўся скарэктаваць гендэрнае прадстаўніцтва ў сваёй экспазіцыі. З гэтай мэтай тры гады назад дырэктар культурнай установы Ларс Нітве пачаў кампанію па набыцці работ, стваральнікамі якіх з’яўляюцца жанчыны.
Ён звярнуўся з заклікам да грамадзянаў Швецыі ахвяраваць грошы на гэтую ідэю. Цяпер можна падлічваць плён – у музейнай касе апынулася 42 мільёны крон (звыш 4 млн. €). З іх ад ўраду каралеўства паступіла толькі 5 мільёнаў, рэшта сабраная ад прыватных асоб.
На гэтыя грошы ўжо куплена некалькі каштоўных палотнаў, намаляваных мастачкамі, якія працавалі ў XX стагоддзі. У тым ліку і карціна выдатнай прадстаўніцы рускага авангарда Любові Паповай, якая працавала з Татліным, Малевічам, Кандзінскім. Яе работу “Space-force Construction”, напісаную ў кубафутурыстычнай манеры, Стакгольмскаму музею сучаснага мастацтва ўдалося набыць за 9,6 млн. крон. Для такога класа твора гэта няшмат, хаця для музея з гадавым закупачным бюджэтам ў 4 мільёны крон, гэта велізарная сума.