Замест таго, каб клапаціцца пра гасцей і арганізацыю вяселля, балгарскія жаніх і нявеста павінны пашукаць добрага адваката. З 1 кастрычніка ў Балгарыі дзейнічае новы Сямейны кодэкс, які дае магчымасць заключыць шлюбны кантракт.
Цяпер мясцовыя маладажоны ці сем’і са стажам могуць выбіраць паміж трыма варыянтамі маёмасных адносін: валодаць напалову з супругам/супружніцай (як было дагэтуль), раздзяліць уласнасць ці скласці кантракт, які дакладна акрэсліць пункт за пунктам падзел існуючай і набытай у будучыні маёмасці. Паводле аўтараў кодэксу, такая сітуацыя найбольш адпавядае сучаснай грамадскай сітуацыі і развіццю рынкавых адносінаў.
Шлюбны кантракт не з’яўляецца абавязковым. Для тых, хто не абярэ канкрэтнага рашэння, будзе дзейнічаць правіла агульнай (50% на 50%) маёмасці з сужонкам/сужонкай.
Балгарскія юрысты лічаць, што кантрактам будуць карыстацца 5 – 10% насельніцтва. Такая колькасць шлюбных дамоваў падпісваецца ў краінах, дзе кантракты з’яўляюцца шматгадовай традыцыяй.