У верасні Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) апытаў 1505 грамадзян Беларусі пра іх адносіны да абортаў.
Сацыёлагі падкрэсліваюць, што ў нашай краіне праблема права на аборт “не становіцца палітычнай, вакол яе не скрыжоўваюцца дзіды, палітыкі не пазіцыянуюць сябе адносна яе, як гэта адбываецца, скажам, у Польшчы ці ЗША”.
Па дадзеных міністэрства аховы здароўя, за апошнія 15 гадоў колькасць абортаў у Беларусі скарацілася ў 5 разоў. У цяперашні час на 100 родаў прыпадае 38 перарыванняў цяжарнасці, а ў 1993 годзе колькасць абортаў амаль у два разы перавышала колькасць родаў. У дзяржаўнай сістэме аховы здароўя ў 1993 годзе было зроблена 218 тысячы штучных перарыванняў цяжарнасці, а пазалетась – 46285.
Чыноўнікі на розных узроўнях неаднаразова заяўлялі аб тым, што ў Беларусі не плануецца забараняць аборты ці абмяжоўваць такія аперацыі якімі-небудзь захадамі. Медыкі звязваюць гэта, перш за ўсё, з тым, што забарона штучных перарыванняў цяжарнасці можа прывесці да негатыўных наступстваў, напрыклад, да павелічэння колькасці крымінальных абортаў.
Апытанне Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў пацвярджае, што большасць беларусаў лічаць, што жанчына павінна мець права вырашаць, рабіць ёй аборт або не.
Эксперты НІСЭПД канстатуюць, што “пры пераходзе да групаў маладых і больш адукаваных рэспандэнтаў доля прыхільнікаў права на аборт ўзрастае”. Ва ўзросце да 50 гадоў і сярод людзей з адукацыяй вышэй за няпоўную сярэднюю доля прыхільнікаў перарывання цяжарнасці перавышае 50%.
Цікава, што электарат, лаяльны да прэзідэнта, дэманструе відавочнае незадавальненне правам на аборт. Тымчасам праціўнікі дзеючага кіраўніка Беларусі выяўляюць яшчэ большую падтрымку перарывання цяжарнасці.
Даследчыкі пішуць на гэты конт: “Відаць, гэта можна растлумачыць ўскосным уплывам сацыяльна-дэмаграфічных характарыстык: сярод прыхільнікаў прэзідэнта долі асоб сталага ўзросту, якія жывуць у вёсцы, з нізкай адукацыяй значна вышэй, чым у цэлым па краіне. А менавіта гэтыя катэгорыі беларусаў найменш схільныя ўхваляць права на аборт”.
Калі ідзе гаворка пра штучнае перарыванне цяжарнасці, матыў пагрозы здароўю жанчыны з’яўляецца галоўным для абодвух полаў. Звяртае на сябе ўвагу і большае значэнне, якое жанчыны надаюць рэлігійным меркаванням. А вось аргумент пра ўзаконенае дзетазабойства робіць вялікае ўражанне на мужчын.