Шлюбаў у Беларусі рэгіструецца ўсё больш, а разводаў – менш, паведамілі карэспандэнтцы БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
Паводле аператыўных даных, у студзені – лістападзе 2009 года зарэгістравана 75 тысяч 557 шлюбаў (за аналагічны перыяд 2008 года іх было 74149). Такім чынам, новых сямейных саюзаў стала на 1,9 працэнта больш. Дарэчы, за 11 месяцаў мінулага года на 1000 жыхароў краіны прыпадала 8,5 шлюбу, за аналагічны перыяд 2008-га – 8,4.
Колькасць разводаў знізілася на 4,7 працэнта: з 32971 у студзені – лістападзе 2008 года да 31412 у студзені – лістападзе леташняга. Як вынік, за 11 месяцаў мінулага года на 1000 жыхароў краіны прыпадала 3,6 разводу супраць 3,7 за адпаведны пазалеташні перыяд.