Як паведаміла кубінскае інфармацыйнае агенцтва Прэнса Лаціна, міністарка фінансаў і эканамічнага развіцця Бермудскіх астравоў Паула Кокс заняла пост галавы ўраду архіпелага.
Гэта адбылося пасля перамогі на выбарах правячай Прагрэсіўнай лейбарысцкай партыі (ПЛП). Кокс была фаварыткай падчас усіх апытанняў грамадскай думкі.
Пераможца выбараў – трэцяя па ліку жанчына, якая ўзначальвае выканаўчую ўладу на Бермудах. У 1993 годзе прэм’ер-міністаркай стала Памела Гордан ад апазіцыйнай Аб’яднанай партыі. Праз пяць гадоў гэтую пасаду заняла прадстаўніца ПЛП Джэніфер Сміт.
Бермуды – заморская тэрыторыя Вялікабрытаніі, размешчаная на групе каралавых выспаў у паўночна-заходняй частцы Атлантыкі, у 900 кіламетрах ад Паўночнай Амерыкі.
У склад архіпелага ўваходзяць 150 выспаў і рыфаў, з якіх заселеныя каля 20. 10 астравоў злучаныя мастамі і ўтвараюць тым самым выспу Мейн-Айленд.
Бермуды знаходзяцца на перакрыжаванні марскіх шляхоў.
Ангельскі губернатар распараджаецца пытаннямі знешняй палітыкі, абароны і ўнутранай бяспекі астравоў. Астатнія сферы жыцця рэгламентуе двухпалатны парламент.