Група студэнтак, апранутых у вясельныя сукенкі, правяла марш пратэсту з патрабаваннем пакласці канец гвалту ў адносінах да жанчын. Дэманстрацыя прайшла ў сталіцы Дамініканскай Рэспублікі Санта-Дамінга. Акцыю пратэсту ўзначальвалі ўпаўнаважаная па справах жанчын Раксана Рэес і заснавальніца руху "Марш нявест” Джозі Эштан.
Па словах Рэес, дзейнасць "нявест” накіравана на павышэнне дасведчанасці насельніцтва пра неабходнасць звяртаць увагу на праблемы гвалту ў сям’і, і што тое, што адбываецца цяпер, не можа доўга працягвацца. Паводле яе слоў, у Дамінікане расце хатні гвалт, у тым ліку са смяротным зыходам: "Мы маленькая краіна з насельніцтвам у 10 мільёнаў чалавек, і ў нас у год 68 выпадкаў забойстваў жанчын. Сёлета тут забілі ў два разы больш жанчын, чым у Іспаніі”. Рэес заклікала дамініканак не баяцца і паведамляць аб выпадках гвалту.
Падобныя пратэстныя мерапрыемствы прайшлі ў некаторых гарадах ЗША (на здымках унізе).
"Марш нявест” ("Marcha de las Novias”) штогод ладзіцца ў гонар памяці Глэдзіс Рыкарт. У дзень свайго вяселля гэтая 38-гадовая дамініканка была забіта экс-жаніхом. Жудасная гісторыя здарылася ў 1999 годзе ў амерыканскім штаце Нью-Джэрсі.