8 – 10 лютага ў Еўрапарламенце адбыліся дэбаты і галасаванне па справаздачы па пытаннях роўнасці палоў за 2009 год.
Бельгійскі сацыяліст, член камісіі па правах жанчын і раўнапраўю Марк Тарабела заклікаў змяніць адносіны да пераразмеркавання гендэрных роляў, каб "ніхто не здзіўляўся, што жанчына кіруе аўтобусам, а мужчына прасуе рэчы”.
Адна з праблем, на якую звярнулі ўвагу дэпутаты, – гэта розніца ў заробках паміж паламі. Паводле дадзеных справаздачы, за тую ж самую працу жанчыны атрымліваюць на 14 – 17% менш, чым мужчыны.
Другое пытанне, якім займаліся еўрапарламентарыі, – гэта праблема насілля рознага тыпу. Паводле справаздачы, у Еўрасаюзе 20 – 25% дарослых жанчын з’яўляюцца ахвярамі фізічнага гвалту, а кожная дзесятая – сексуальнага.
Еўрадэпутаты выступілі за роўнасць маці і бацькі ў выхаванні дзіцяці. "Неабходна зрабіць крокі, каб увесці для татаў адпачынак па нагляду за дзецьмі,” – падкрэсліў Тарабела.
Еўрапейскі парламент размешчаны ў Страсбурзе (Францыя). Некаторыя пленарныя паседжанні адбываюцца ў Бруселі (Бельгія). Асобныя парламенцкія аб’екты знаходзяцца ў Люксембурзе (назва дзяржавы такая ж).
У Еўрапарламенце працуюць 736 дэпутатаў з 27 краінаў ЕС. Дэбаты адбываюцца на 23 мовах.
Еўрапарламент мае камісію па правах жанчын і раўнапраўю (FEMM). У яе ўваходзяць 60 дэпутатаў, большасць з якіх жанчыны. Кіруе камісіяй шведка Ева-Брыт Свенсан. FEMM выступае за прыняцце Еўрапейскай хартыі правоў жанчын.