Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ) абнародавала даклад, у якім прыводзяцца трывожныя звесткі аб росце трафікінгу – перш за ўсё ў краінах Еўрасаюза, але таксама па ўсім свеце. На прэзентацыі даклада кіраўнік Праграмы па барацьбе з трафікінгам у МАМ Рычард Данцыгер адзначыў, што такія фактары, як гендэрная няроўнасць, войны і канфлікты спрыяюць росту гандлю людзьмі, але галоўнай прычынай застаецца попыт на дзяшовую працу і танныя тавары.
У гэтай сувязі, працягваў ён, міжнародная арганізацыя заклікае шырокую грамадскасць супрацьстаяць гэтай з’яве: “Мы не просім пакупнікоў байкатаваць нейкія канкрэтныя брэнды, крамы або універмагі. Мы заклікаем іх праявіць адказнасць пры куплі і азнаёміцца з наяўнай інфармацыяй. Калі яны даведаюцца, што якаясьці фірма выкарыстоўвае праца нявольнікаў, яны зробяць адпаведныя высновы”.
Па звестках МАМ, у свеце звыш 12 мільёнаў чалавек вымушаны займацца прымусовай працай або знаходзяцца ў сексуальным рабстве. Як падкрэсліў Данцыгер, найбольшую вядомасць атрымліваюць выпадкі продажу жанчын і дзяўчынак у прытоны. Аднак куды часцей мужчын і жанчын эксплуатуюць на цяжкіх работах у майстэрнях, на будоўлях, плантацыях, рыбалоўных суднах і ў якасці хатняй прыслугі.
“У апошнія пяць гадоў прыкметна ўзмацненне гэтай тэндэнцыі, – сказаў кіраўнік Праграмы па барацьбе з трафікінгам. – У Еўропе зараз налічваецца звыш 250 тысяч мігрантаў, якія падвяргаюцца бязлітаснай эксплуатацыі. Прыбытак ад іх працы, за які яны атрымліваюць грошы – калі наогул нешта атрымліваюць, – складае, паводле ацэнак, два з паловай мільярды долараў. А па ўсім свеце гэтая лічба набліжаецца да 20 мільярдаў”.
Значную частку мігрантаў, якія нелегальна выкарыстоўваюцца на працы ў краінах ЕС, складаюць зараз выхадцы з былых савецкіх рэспублік і краін Паўднёвай Азіі. МАМ лічыць, што пачатая ёю кампанія прывядзе да адмовы вытворцаў ад прымусовай працы, калі менеджэры пераканаюцца, што дурная слава вядзе да зніжэння прыбытку.