Паводле апошніх дадзеных, у Іспаніі налічваецца каля 6 тысяч жанатых каталіцкіх духоўных асоб. Гэта кожны пяты ксёндз. Такую практыку крытыкуе арцыбіскуп Мадрыда, які лічыць, што яна падрывае аўтарытэт Рыма-каталіцкай царквы.
У Іспаніі не хапае святароў, і таму біскупы глядзяць праз пальцы на тое, што некаторыя жанатыя святары праводзяць імшу. З апытання вынікае, што сем з дзесяці ксяндзоў не мелі б нічога супраць права заснаваць сям’ю. На думку прыхільнікаў лібералізацыі, жанаты святар лепш разумее патрэбы прыхаджан, а праціўнікі кажуць, што ў яго занадта шмат часу займаюць сямейныя справы.
Цэлібат (бясшлюбнасць) не з’яўляецца дактрынай касцёла. Ён быў прыняты па эканамічных прычынах. А цяпер у некаторых краінах Заходняй Еўропы, такіх як Іспанія, настолькі мала жадаючых стаць святарамі, што прыходзіцца адмаўляцца ад гэтага прынцыпу.