Увесну ў выніку парламенцкіх выбараў у Кувейце ўпершыню ў гісторыі гэтай краіны жанчыны атрымалі чатыры месцы ў Нацыянальным сходзе (меджлісе). Гэта была сапраўды эпахальная падзея. Выбарчыя правы (магчымасць галасаваць і балатавацца) грамадзянкі эмірата атрымалі ў 2005 годзе. Праўда, дагэтуль аніхто з іх не трапляў у парламент.
Нягледзячы на агрэсіўныя заклікі ісламскіх кансерватараў ігнараваць кандыдатак у меджліс, у Нацыянальны сход прайшлі эканамістка, дзве прафесаркі і жанчына з вопытам працы ў якасці міністра (на здымку).
Аднак традыцыяналісты спрабавалі перашкодзіць дэпутаткам удзельнічаць у працы меджліса, сцвярджаючы, што яны не звяртаюць належнай увагі на ісламскія нормы ў жаночым адзенні.
28 кастрычніка Вярхоўны суд Кувейта пастанавіў, што дэпутаткі не абавязаныя насіць хіджаб і вопратку, якія поўнасцю закрываюць твар, рукі і ногі. Такім чынам, быў нанесены адчувальны ўдар па мусульманскім фундаменталістам, якія імкнуцца, каб эмірат поўнасцю жыў паводле законаў шарыяту.
Нацыянальны сход Кувейта складаецца з 65 дэпутатаў. 50 з іх выбіраюцца народам і 15 прызначаюцца прэм’ер-міністрам.