Паводле дадзеных часопіса "Economist”, ужо праз некалькі месяцаў большасць на рынку працы ў ЗША складуць жанчыны. Выданне піша, што за апошнія 50 гадоў адбылася сапраўдная рэвалюцыя: "Мільёны амерыканак, якія некалі залежалі ад прыбытку мужчын, сталі гаспадынямі ўласных лёсаў”. Жанчыны сёння займаюць высокія пасады ў прыватным сектары, у акадэмічных колах і дзяржаўных установах.
Прэзідэнт Асацыяцыі жанчын у дакладных навуках і прыродазнаўстве Джоан Херберс сказала "Голасу Амерыкі”: "У дакладных навуках мы атрымалі значныя вынікі ў дасягненні агульнай мэты гендэрнага балансу”. Херберс адзначае, што за апошнія некалькі гадоў значна павялічылася колькасць навучэнак школ, каледжаў і універсітэтаў, якія цікавяцца вышэйшай матэматыкай, тэхнічнымі дысцыплінамі і дакладнымі навукамі. Сёння жанчыны складаюць палову навукоўцаў-біёлагаў і 40% – хімікаў.
"Аднак застаюцца сур’ёзныя перашкоды, – працягвае Херберс. – Жанчыны дагэтуль слаба прадстаўлены ў такіх дысцыплінах, як фізіка і тэхнічныя навукі”. Па словах грамадскай лідэркі, існуюць дзве асноўныя праблемы: як прыцягнуць дзяўчат да вывучэння гэтых дысцыплін і як аказаць ім дапамогу ў працаўладкаванні пасля заканчэння універсітэта.
"Economist” адзначае, што сярэдняя зарплата ў жанчын у ЗША дагэтуль ніжэй, чым у мужчын. Таму, падкрэслівае часопіс, галоўнай праблемай для многіх амерыканак застаецца выбар паміж дзіцём і працай. Бяздзетныя жанчыны атрымліваюць больш, чым тыя, хто мае малых. А маці-адзіночкі атрымліваюць менш, чым тыя, якія гадуюць сваіх дзяцей у поўных сем’ях. "Economist” робіць выснову, што сёння галоўная дылема для жанчын у ЗША і іншых развітых краінах складаецца не ў тым, як пераадолець сацыяльныя бар’еры, а ў тым, як сумясціць кар’еру і мацярынства.
Джоан Херберс адзначае, што многія жанчыны прыпыняюць сваю прафесійную дзейнасць пасля атрымання доктарскай вучонай ступені (PhD), бо менавіта тады яны часцей за ўсё вырашаюць завесці дзяцей. "Нашы навуковыя інстытуты не прыстасаваны да забеспячэння жанчыны ўмовамі для стварэння сям’і, – сцвярджае экспертка. – Тое, як "робіцца” навука ў ЗША, а менавіта, уласцівыя ёй іерархія і саперніцтва – істотнае перашкода для жанчын-навукоўцаў”. Херберс таксама адзначае, што як і ў іншых сферах грамадскага жыцця, навуковыя дасягненні жанчын часта застаюцца незаўважанымі.
"Наша асноўная задача заключаецца ў дапамозе жанчынам з нізкай зарплатай, якія вымушаныя змагацца за свае правы, у прасоўванні па кар’ернай лесвіцы і павазе на працоўным месцы”, – сказала "Голасу Амерыкі” Розмары Харыс Лайт, прадстаўніца Нацыянальнай асацыяцыі працуючых жанчын. Дзейнасць яе арганізацыі накіравана на тое, каб прадухіліць дыскрымінацыю жанчын на працоўным месцы і дапамагчы ім пераадолець перашкоды ў захаванні балансу паміж працай і сям’ёй. За 35 гадоў працы, гаворыцца на web-сайце гэтай арганізацыі, "мы дапамаглі сотням людзей і працадаўцам палепшыць палітыку аплаты працы, кар’ернага росту, навучання персаналу, прадастаўлення роўных магчымасцяў і ўмоў для стварэння сям’і”.
Па меры таго, як жанчыны пераадольваюць сацыяльныя бар’еры ў дзелавым свеце, мяняецца і іх разуменне ўласных прафесійных паводзінаў, піша "Economist”. Да гэтага часу вядучыя феміністкі ганарыліся сваімі якасцямі, якія традыцыйна ўласцівыя мужчынам, – жорсткасцю і ўпартасцю. Аднак "новы фемінізм” сцвярджае, што жанчыны сёння страчваюць шмат што, гуляючы выключна па мужчынскіх правілах. У сілу сваіх асаблівасцяў, "жанчыны менш агрэсіўныя і часцей схільныя шукаць кансенсус, яны ў меншай ступені настроены на саперніцтва і больш адкрытыя да супрацоўніцтва, радзей апантаныя ўладай і часцей імкнуцца працаваць у групе”, – піша "Economist”. На думку часопіса, тэарэтычна такія якасці маглі б прадухіліць фінансавы крызіс, калі б, напрыклад, "Lehman Brothers” ("Браты Леман”) быў "Lehman Sisters” ("Сёстры Леман”).
Але "Economist” падкрэслівае, што вышэйзгаданыя якасці ўласцівыя не толькі жанчынам. Сутнасць "новага фемінізму” складаецца ў тым, што разнастайнасць "фемінных” і "мускулінных” якасцяў ярчэй выражана сярод жанчын і мужчын, чым паміж жанчынай і мужчынам. "Economist” адзначае, што менавіта такая пастаноўка пытання здольная выкараніць гендэрныя адрозненні, якія так глыбока сядзяць у карпаратыўным і сацыяльным асяроддзі.