Галоўная » 2009»Октябрь»4 » Секс-меншасці заклікалі беларускае кіраўніцтва змагацца з гамафобіяй
Секс-меншасці заклікалі беларускае кіраўніцтва змагацца з гамафобіяй
09:31
26 верасня ў Менску прайшла Пятая міжнародная канферэнцыя сексуальных меншасцяў. Яна была прысвечана супрацоўніцтву беларускага руху лесбіянак, геяў, бісексуалістаў і трансгендэраў (ЛГБТ) з няўрадавымі арганізацыямі ды пераадоленню гамафобіі ў беларускім грамадстве. Мерапрыемства пачалося ў амаль канспіратыўных умовах. Большасць удзельнікаў да пачатку канферэнцыі не ведалі, дзе яна павінна адбыцца. Арганізатары баяліся, што гамафобы перашкодзяць імпрэзе. Форум лесбіянак, геяў, бісексуалістаў і трансгендэраў адбыўся ў прэстыжным гатэлі “Crowne Plaza”.
Мерапрыемства прывітаў кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Беларусі Жан-Эрык Гольцапфель, які адзначыў, што для ЕС важная сітуацыя з правамі чалавека ў РБ, у тым ліку становішча ЛГБТ-грамадзян. Тымчасам выступоўцы канстатавалі, што гома-, бі- і транссексуалы адчуваюць пастаянную дыскрымінацыю з боку большасці грамадства. Сваю немалую лепту ўносіць і беларуская дзяржава.
Не лепшае становішча ў іншых посткамуністычных краінах. Шматлікія прыклады дыскрымінацыі прывёў расійскі гей-актывіст Мікалай Баеў. На ягоную думку, складаная сітуацыя ўзнікла ў Летуве. А ў Расіі палітычная воля кіруючых эліт “поўнасцю гамафобная”.
Па меркаванні Алега Яроміна з моладзевай арганізацыі “Сустрэча”, апроч вонкавых перашкод, беларуская ЛГБТ-супольнасць мае вялікія ўласныя праблемы, якія варта асэнсаваць і пераадолець. Удзельнікі мерапрыемства прынялі рэзалюцыю аб правах секс-мяншыняў. У ёй яны заклікалі беларускія ўлады актыўна змагацца з гамафобіяй. У прыватнасці, прапанавана ўнесці ў заканадаўства папраўкі, якія б забаранілі распальванне нянавісці і варожасці па прыкмеце сексуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці.