“Здымі хусту з твару! Не разумееш, што нікаб не мае нічога супольнага з ісламам?” – накрычаў на вучаніцу адзін з аўтарытэтаў ісламскага свету ў Егіпце, рэктар старажытнага каірскага універсітэта “Аль-Азхар” Саід Махмуд Тантаві. Не дапамагло тлумачэнне, што падчас урокаў дзяўчынка адкрывае твар, а хусту апранула спецыяльна на прыход шаноўнага шэйха. Ён дадаў, што неўзабаве выдасць распараджэнне, якое забараніць прыходзіць у нікабах у школы, звязаныя з універсітэтам “Аль-Азхар”.
Ідэя шэйха – гэта чарговы этап барацьбы ўладаў, як яны кажуць, з радыкалізацыяй мусульманаў. Тыдзень таму з такой прапановай выступіў міністр адукацыі Егіпта.
Пасля выказванняў гэтых двух мужчын каля універсітэтаў пратэставалі натоўпы студэнтак, абураных парушэннем іх рэлігійных свабодаў і традыцый.
Невядома, ці ўдасца ажыццявіць новыя правілы. Абвешчаная год таму назад забарона закрыцця твару медсёстрамі не была рэалізаваная. Калі жанчына ў хусце прыйшла ў бібліятэку Амерыканскага універсітэта ў Каіры, а яе не пусцілі ў будынак, суд прызнаў, што яна мела рацыю. Вярхоўны суд абвясціў, што поўная забарона насіць нікаб не адпавядае егіпецкай канстытуцыі.
Большасць ісламскіх аўтарытэтаў прызнае, што закрыццё твару не з’яўляецца рэлігійным патрабаваннем. Гэта хутчэй прывязанасць да дамусульманскіх традыцыяў старажытнага Усходу.