Кітайскія ўлады занепакоеныя вялікай колькасцю абортаў, якія адбываюцца ў краіне. Дадзеныя па гэтай праблеме апублікавала выданне “China Daily”.
Паводле іх, штогод у Кітаі фіксуецца 13 мільёнаў перарыванняў цяжарнасці. У сваю чаргу, нараджаецца 20 мільёнаў дзяцей.
Эксперты ацэньваюць, што на самой справе абортаў намнога больш, бо шмат з іх адбываецца нелегальна. Спыніць цяжарнасць вырашаюць, галоўным чынам, адзінокія жанчыны ва ўзросце ад 20 да 29 гадоў. Паводле кітайскіх уладаў, прычынай гэткай сітуацыі з’яўляюцца недастатковыя веды на тэму сексуальнага жыцця і спосабаў кантрацэпцыі.
Тым не менш, паводле дадзеных Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, найбольшы адсотак абортаў назіраецца ў Расіі, дзе на кожную тысячу жанчынаў прыходзіцца 50 абортаў у год. Гэта ўдвая больш, чым у згаданым Кітаі, у тры разы больш, чым у ЗША і ў чатыры разы больш, чым у Іспаніі.
У Расіі колькасць перарыванняў цяжарнасці складае 797 тысяч у год, перавышаючы лічбу нараджэнняў на 502 тысячы.