Зрух у кансерватыўнае рэчышча можна заўважыць у новым дапаможніку па сексуальнай адукацыі школьнікаў, які будзе разасланы ў брытанскія школы да сёлетняга верасня. Апошні раз рэкамендацыі на гэтую тэму пераглядаліся 10 гадоў таму. Як гаворыцца ў дапаможніку, выдадзеным міністэрствам па справах школ, сям’і і дзяцінства, эратычныя выявы даступныя зараз у Інтэрнеце, па мабільнай сувязі ці па тэлевізары. Яны прымушаюць непаўналетніх станавіцца сексуальна актыўнымі значна раней, чым варта, і нават могуць нейкім чынам ствараць у дзіцячай свядомасці палахлівы вобраз будучых інтымных адносін. Менавіта таму настаўнікі павінны разбіваць міфы аб сексе і казаць сваім падапечным, што да пэўнай фізіялагічнай пары лепш за ўсё ўстрымлівацца ад палавых кантактаў. У дапаможніку таксама зроблены акцэнт на важнасць сям’і і радзінных адносін. Гэта паварот на 180 градусаў ад ранейшай лейбарысцкай устаноўкі пра тое, што добрыя любыя адносіны: і шлюбныя, і пазашлюбныя.
"Ёсць прамое сведчанне таго, што дзеці і маладыя людзі адчуваюць сябе лепш за ўсё, калі растуць у здаровых, стабільных сем’ях”, – напісана ў гэтым дапаможніку. З новага навучальнага года таксама стане абавязковым для ўсіх 15 – 16-гадовых падлеткаў наведваць урокі сексуальнага выхавання, нават калі іх бацькі выказваюцца супраць гэтага. Па цяперашніх законах, мамы і таты маюць права забіраць сваіх дзяцей з падобных заняткаў аж да іх дзевятнаццацігоддзя. Колькасць падлеткавых цяжарнасцяў у Англіі і Уэльсе зноў вырасла ў 2006 – 2007 гадах, а гэта азначае, што ўрад не выканае свайго абяцання скараціць удвая да 2010 года колькасць цяжарнасцяў, якія ўзнікаюць у дзяўчынак 15 – 17 гадоў.