Восьмага сакавіка ў многіх краінах свету адзначаецца Міжнародны жаночы дзень. У некаторых дзяржавах ён абвешчаны нацыянальным святам. У іншых – днём барацьбы за раўнапраўе жанчын.
Першы Дзень салідарнасці работніц прайшоў у 1909 годзе ў ЗША. У 1911 годзе больш за мільён жанчын і мужчын Аўстра-Венгрыі, Германіі, Даніі і Швейцарыі ўдзельнічалі ў дэманстрацыях з нагоды першага Міжнароднага жаночага дня. У сённяшніх ЗША ён не ўваходзіць у лік папулярных святаў, хоць цэлы шэраг грамадскіх арганізацый адзначае прагрэс, дасягнуты жанчынамі ў сацыяльнай і іншых сферах.
Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе выпусціла заяву, у якой адзначаецца, што "трывалы мір і стабільнасць могуць быць забяспечаны толькі ўдзелам жанчын у якасці раўнапраўных партнёраў мужчын”. Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун назваў актыўнасць жанчын ва ўсіх галінах "эканамічным і сацыяльным імператывам”.
У справаздачы Аб’яднаных Нацый, выпушчанай напярэдадні 8 Сакавіка, паказваецца, што на шляху да раўнапраўя перад жанчынамі ўсё яшчэ стаяць велічэзныя перашкоды. Мільярд людзей на планеце, большасць з якіх жанчыны, жывуць ва ўмовах крайняй беднасці. Адна з кожных пяці жанчын становіцца ахвярай сексуальнага гвалту.
Звыш 130 мільёнаў дзяўчынак у Афрыцы і іншых рэгіёнах свету падвяргаюцца рытуальным аперацыям, якія калечаць геніталіі. У дакладзе міністра аховы здароўя Афганістана паведамляецца, што кожныя паўгадзіны ў яго краіне жанчына памірае ад ускладненняў, звязаных з цяжарнасцю і родамі.