Саудаўская Аравія плануе прыняць закон, паводле якога юрысткі атрымаюць права выступаць у судзе. Упершыню ў гісторыі краіны. Міністр юстыцыі Махамед Эйса заявіў, што адпаведны законапраект прадугледжаны планамі караля Абдулы. Згодна з законам, юрысткі змогуць выступаць у судзе пры разглядзе сямейных спраў (напрыклад, разводу або апякунства).
На сённяшні дзень жанчыны могуць працаваць ва ўрадавых і судовых установах толькі на пасадах, якія прадугледжваюць зносіны выключна з калегамі па працы.
Саудаўкі павінны з’яўляцца на публіцы, закрыўшы свой твар. Яны не маюць права вадзіць аўтамабіль. Адпраўляючыся ў падарожжа, мусульманкі ва ўзросце да 45 гадоў павінны атрымаць дазвол ад мужчыны. У краіне дзейнічае сістэма правілаў, згодна з якой саудаўку па-за домам павінен суправаджаць сваяк або апякун мужчынскага полу.
Акрамя таго, жанчыны не павінны непасрэдна мець штодзённыя кантакты з іншымі мужчынамі, якія не маюць дачынення да іх сям’і. У апошні час уладамі распачаты захады па змякчэнні абмежаванняў: напрыклад, цяпер саудаўкам дазволена спыняцца ў гасцініцы без суправаджэння.
Як мяркуюць, новы закон дазволіць юрысткам удзельнічаць у судовых працэдурах без дадатковага нагляду з боку мужчын.