Міжнародны жаночы дзень стаў нагодай, каб звярнуць увагу на праблемы жанчын у розных частках свету, напрыклад, паспрабаваць абвергнуць стэрэатыпы, абагульненні і няправільныя ўяўленні аб мусульманках. Амерыканскі крытык Фаціме Фахрэй лічыць, што, на жаль, гэтыя стэрэатыпы не сыходзяць: "Існуе ўстойлівае ўяўленне аб тым, што мусульманкі з’яўляюцца прыгнечанымі ахвярамі і жанчын у ісламе ўсё часцей прадстаўляюць як небяспечных фурый, якія вядуць падрыўную дзейнасць”.
Фахрэй – рэдактарка сайта "Агляд ісламскіх мас-медыя”, на якім мусульманкі абмяркоўваюць свой імідж у СМІ і поп-культуры, – распавядае аб адным паказальным прыкладзе са Швейцарыі: "Падчас кампаніі за забарону будаваць мінарэты з’явіўся плакат са змрочнай мусульманкай на фоне мінарэтаў, якія выглядалі як ядзерныя ракеты, пранізвалі сцяг Швейцарыі. Вельмі пагрозлівы вобраз”. Фахрэй лічыць, што ісламскія жанчыны прадстаўляюцца ў дрэнным святле не толькі падчас палітычных кампаній. Яна лічыць, што многія заходнія журналісты падкрэсліваюць ролю шахідак і спрабуюць падганяць усіх мусульманак пад адзін капыл. Па словах Фахрэй, цяпер усё больш ісламскіх жанчын ва ўсім свеце звяртаюцца да Інтэрнета, каб ясна і выразна заявіць пра сябе: "Я заўважыла вельмі радасную рэч. Мусульманкі ствараюць уласныя web-сайты. За апошнія гады ўзнікла мноства ісламскіх блогаў. Я думаю, гэта адзін з лепшых спосабаў барацьбы са стэрэатыпнымі ўяўленнямі пра нас. Мы – самая лепшая крыніца інфармацыі пра сябе”.