17 жыхарак Гомеля і вобласці прызнаныя пацярпелымі па справе аб гандлі людзьмі: іх вывозілі для сексуальнай эксплуатацыі ў Турцыю. Пра гэта праінфармавала агенцтва БелаПАН.
Справа накіравана для разгляду ў суд Савецкага раёна Гомеля, паведаміў начальнік аддзела пракуратуры Гомельскай вобласці Дзмітрый Вараб’ёў.
Паводле яго слоў, грамадзянін Турцыі і жанчына, якая часова там жыве, стварылі ў 2006 годзе арганізацыю па дастаўцы ў Турцыю грамадзян рэспублік былога Савецкага Саюза для сексуальнай эксплуатацыі. У Беларусі дзейнічала ячэйка гэтай структуры. Яе прадстаўнікі шукалі і вербавалі дзяўчат для працы ў Турцыі.
Некаторыя жанчыны ведалі, што будуць займацца прастытуцыяй, іншыя станавіліся ахвярамі падманным шляхам.
Паводле Вараб’ёва, вярбоўшчыкі выбіралі тых, хто працуе на нізкааплатных пасадах, з праблемных сем’яў. Былі таксама замужнія жанчыны, якія такім чынам спрабавалі вырашыць свае фінансавыя праблемы, напрыклад, аплаціць крэдыты.
Абяцаных вялікіх грошай першы раз не зарабляў ніхто. З заробку за ноч у 70 – 100 долараў прастытутка атрымлівала палову.
Назад дзяўчаты прыязджалі часта без грошай, камусьці ўдавалася прывезці 500 – 700 USD.