|
В категории материалов: 78 Показано материалов: 41-50 |
Страницы: « 1 2 3 4 5 6 7 8 » |
Сортировать по:
Дате ·
Названию ·
Рейтингу ·
Комментариям ·
Просмотрам
Сардэчна вітаю вас, паважаныя радыёслухачы! У два першыя летнія тыдні прыйшло нямала пошты. Сярод яе ўжо ёсць і адказы на ваенна-гістарычны конкурс. Выглядае на тое, што ён выклікаў вялікае зацікаўленне слухачоў. Яно й не дзіва! Пераможцаў чакаюць выдатныя ўзнагароды, у тым ліку паездка ў Польшчу. Аднак відавочна і тое, што конкурсная тэматыка стала немалым выклікам для тых, хто вырашыў пазмагацца за прызы. Пытанні і заданні першага туру дастаткова цяжкія. Дарэчы, не менш складанымі будуць наступныя два этапы радыёгульні. Каб правільна адказаць на іх, не варта спяшацца. І быць асцярожнымі! Старыя эсэсэсэраўскія крыніцы і многія сучасныя постсавецкія публікацыі не вымалюўваюць поўную карціну падзей Другой сусветнай вайны, таму можна не адразу знайсці адказы на некаторыя пытанні. Між іншым, наша шматгадовая слухачка з Гарадзеншчыны Альдона Родзевіч пыталася ў тэлефоннай размове: “На якой мове можна пісаць конкурсную працу?”. Канешне ж, пажадана па-беларуску. Хоць зусім не абавязкова. Можна прысылаць адказы на польскай, украінскай ці рускай мовах. Менавіта на іх вяшчае наша радыё на ўсход Еўропы, ды і я карыстаюся імі штодня. |
Выдатнага часу сутак, дарагія сябры! Сёння я агучу імёны атрымальніцы гран-пры ды іншых пераможцаў гендэрнага конкурсу. Але гэта будзе напрыканцы нашай перадачы. Зараз – увага! – прагучаць умовы новага конкурсу. Калі ласка, падрыхтуйце паперу, алоўкі ці асадкі, каб запісаць пытанні і заданні. Конкурс ладзіцца Беларускай рэдакцыяй Польскага радыё для замежжа і недзяржаўнымі арганізацыямі Віцебска і Гданьска з нагоды 70-годдзя з пачатку ІІ сусветнай вайны. Ён будзе праходзіць у тры месячныя этапы. Першы з іх адбудзецца цягам чэрвеня. Другі этап пройдзе ў ліпені. Трэці – у жніўні. Пасля кожнага з этапаў 5 пераможцаў атрымаюць цікавыя ўзнагароды. Гран-пры будзе радыёпрыёмнік з рознымі дыяпазонамі, у тым ліку з кароткімі хвалямі. Чакаецца, што вынікі першага этапу будуць абвешчаныя па радыё 10 ліпеня. Пераможцы другога стануць вядомыя 7 жніўня. Прызёры апошняга этапу будуць названыя ў “Рэдакцыйнай пошце” 11 верасня. Апроч таго, прынамсі адзін удзельнік, які паспяхова справіцца з усімі трыццаццю пытаннямі і заданнямі конкурсу, за кошт арганізатараў паедзе ў Польшчу ўвосень 2009 года. Мяркуецца, што пераможца цягам некалькіх дзён наведае Варшаву і марское ўзбярэжжа. Усе ўзнагароды фундуюцца ў межах міжнароднага грамадскага праекта “Пераадольваючы бар’еры стэрэатыпаў: маладым беларусам пра польскі ўдзел у II сусветнай вайне”. |
Добрага часу сутак, паважаныя радыёаматары! Гендэрны конкурс выклікаў вялікую слухацкую зацікаўленасць. І гэта нягледзячы на тое, што стаяла не вельмі простая задача. Але хай пра тое выкажуцца самі ўдзельнікі радыёконкурсу. Паслухайма! “На свеце многа слаўных жанчын. У ліку іх нямала прадстаўніц Беларусі ды суседніх з ёю краін: Расеі, Польшчы, Украіны. Шмат іх у іншых еўрапейскіх дзяржавах. І каб толькі пералічыць усіх знакамітых жанчын, што жылі ці яшчэ жывуць на Зямлі, спатрэбілася б шмат часу і вялікія стосы паперы,” – напісаў на гендэрны конкурс Міхаіл Шавель з Менска. Сапраўды, гэта складаная задача выбраць лепшых з вялікага мноства выдатных прадстаўніц жаночага полу. Можна кагосьці абмінуць. Пра гэта гаворыць у сваім лісце наш баранавіцкі слухач Міхась Маліноўскі: “Як мне не сорамна, але мабыць, сярод славутых жанчын я не даў імя Жанны д’Арк. Немагчыма ўявіць гісторыю чалавецтва без гэтай Святой Францужанкі, якая паклала сваё жыццё на алтар вызвалення роднай зямлі!”. |
Добры дзень, паважанае спадарства! Іван Раткевіч з Горадні прапанаваў распачаць новую серыю праграм. Паслухайма вытрымку з ліста: “Увядзіце цыкл перадач пра вялікіх беларусаў (пачынаючы ад Францішка Скарыны і далей) – гэтага вам хопіць на цэлы год, калі будзе на тыдзень па 1 – 2 выпускі”. Наш адданы сябра ілюструе сваю ідэю наступнымі заўвагамі, што больш за 90% палякаў з’яўляюцца патрыётамі сваёй бацькаўшчыны, ведаюць сваіх вялікіх суайчыннікаў і ганарацца імі. Тымчасам нават свядомыя беларусы мала знаёмы з дасягненнямі знакамітых землякоў. Спадар Раткевіч прыклаў да ліста спіс з 33 кандыдатур. Пералік вялікіх беларусаў пачынаецца з Францішка Скарыны, Кастуся Каліноўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча... Што ж гэта надзвычай цікавая прапанова! А як ставіцеся да яе вы, дарагія слухачы? |
Шчыра вітаю вас, дарагія сябры! Я дзякую аўтарам лістоў, рапартаў і музычных заявак, якія прыйшлі на віцебскі адрас Польскага радыё для замежжа. Гарадзенец Іван Раткевіч піша ў сваім лісце: “Прымач у мяне стары – “VEF-202”, але працуе добра”. На гэтай апаратуры наш слухач прымае перадачы з Варшавы на кароткіх і доўгіх хвалях а 16.30 паводле менскага часу. “Вас добра чутно,” – канстатуе спадар Раткевіч. Нас актыўна слухае і магіляўчанка Яўгенія Цюркіна. З пачатку новага вяшчальнага сезона яна прыслала некалькі рапартаў. Разгледжу некаторыя з іх. 24 і 26 красавіка спадарыня Цюркіна слухала вячэрнія рэтрансляцыі на частаце 1557 кілагерц. І першая перадача, і другая чуліся на “тройку”. Якасць прыёму цягам абодвух праграм не была стабільнай. У першым выпадку чутнасць пагоршылася пад канец выпуску, у другім – наадварот, палепшылася. Уначы 25 красавіка прыём на частаце 612 кілагерц ацэнены на “троечку”. |
Горача вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы! На пачатку хачу падзякаваць усім тым, хто з намі кантактуе. Такіх людзей нямала. Амаль штодня пошта дастаўляе допісы слухачоў. У прыватнасці, у нашу рэдакцыю прыслаў ліст Мікалай Рыбакоў з Копысі, што ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці. Як і некаторыя папярэднія, гэтае пісьмо тычылася змагання за змену выгляду і назвы сыра “Купалаўскі”. Відавочна, ліст завяршае карэспандэнцыю на згаданую тэму. У канверт ўкладзена, на мой погляд, цікавая ксеракопія – а менавіта адказ Мікалаю Рыбакову ад менскага літаратурнага музея імя Янкі Купалы. Дырэктарка гэтай культурнай установы Алена Мацевасян піша, што з разуменнем ставіцца да магчымасці надрукавання на этыкетцы ААТ “Аршанскі малочны камбінат” краявідаў Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка “Ляўкі”. Тым не менш, яна не можа пагадзіцца з размяшчэннем выявы самога паэта, нават калі гэта скульптура. Не падабаецца музейшчыцы і назва прадукта – “Купалаўскі”. Янка Купала – вялікі паэт і выдатны грамадскі дзеяч, які стаяў ля вытокаў нацыянальнага адраджэння і фармавання беларускай дзяржаўнасці. “На наш погляд, – робіць выснову спадарыня Мацевасян, – некарэктна падаваць такую асобу на рэкламе сыра”. |
Сардэчна вітаю вас, шаноўныя слухачы! Віцяблянка Надзея Сцяпанава вусна паведаміла, што атрымала ад нас “Беларуска-польскі і польска-беларускі слоўнік для дзяцей”. Для яе гэта была прыемная неспадзяванка. У гэтым жа духу ў сваім лісце выказаўся і Валяр’ян Здановіч з Горадні. Ён піша: “У час майго дзяцінства аб такім слоўніку можна было толькі марыць”. Спадар Здановіч прыгадвае, што за Саветаў такога тыпу літаратура ўвогуле пераўтварылася ў дэфіцытную. Нават руска-польскі слоўнік “можна было купіць з вялікай цяжкасцю дзе-небудзь у сталіцы”. Жыхарка вёскі Новы Двор Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці Альдона Родзевіч напісала, што ў сувязі з глабальным крызісам яе цікавяць праграмы на эканамічную тэматыку. Гэтыя матэрыялы ёсць у сетцы перадач. Выглядае на тое, што наша слухачка задаволеная ўзроўнем сюжэтаў на эканамічныя тэмы. На чарговы гендэрны конкурс прыходзяць новыя допісы. Віцяблянка Марыя Палынская і гарадзенец Валяр’ян Здановіч прыслалі грунтоўныя працы. Заходнебеларускі слухач адказаў на 10 старонках, а ўсходнебеларуская прыхільніца выклала свае меркаванні на васемнаццаці бачынах. |
Выдатнага часу сутак, дарагія сябры! Сёння пачынаю з невясёлага ліста. Наша даўняя слухачка з Магілёва Яўгенія Цюркіна ў разгубленым стане. Так вынікае з яе нядаўняга ліста. Спадарыня Цюркіна не можа злавіць перадачы а 16.30 і 19.30 паводле менскага часу. З рэтрансляцый а дваццатай гадзіне наша прыхільніца даведалася, што гэтыя кароткахвалевыя выпускі па-ранейшаму існуюць. Аднак у яе склалася ўражанне, што “перадач увогуле няма”. На думку спадарыні Цюркінай, трансляцыі Польскага радыё для замежжа на кароткіх хвалях у Магілёве глушацца. Так, наша прыхільніца мае рацыю. Але часткова. Перадач няма. Праўда, выключна на тых хвалях, якія выкарыстоўваліся Беларускай рэдакцыяй у зімовы перыяд. Мы перайшлі не толькі на іншыя частоты, а яшчэ і дыяпазоны памянялі. Раней вяліся трансляцыі на 41 і 49 метрах. З 29 сакавіка мы працуем на 25 і на 31 метры. Нагадаю, а 16.30 менскага часу Варшаву чутно на частотах 9440 і 11975 кілагерц. А 19.30 Польскае радыё для замежжа можна прыняць на 9670 кілагерцах. Яўгенія Цюркіна расчаравана піша: “У красавіку мне ўдалося пачуць перадачы з Варшавы толькі 2 разы. Выключна а дваццатай гадзіне і толькі бываючы на лецішчы”. Натуральна, што зрабіць гэта ўдалося з вялікімі намаганнямі. Наша сяброўка прымала перадачу, размясціўшы прыёмнік у сабачай будцы. А што зробіш? У іншых закуточках дачы прыёму не было. На ўсходзе Беларусі чутнасць на 1557 кілагерцах вымагае часам вось такіх нестандартных рашэнняў. Галоўнае – якасна паслухаць праграму. Да слова, рапарты Яўгеніі Цюркінай сведчаць, што нашай прыхільніцы ўдалося прыняць выпускі а 20.00 на неблагім узроўні. Абедзве рэтрансляцыі атрымалі па “чацвёрцы”. |
Выдатнага часу сутак, дарагія сябры! На самым пачатку хачу падзякаваць усім тым, хто напісаў у нашу рэдакцыю. Допісы прышлі з цэлай Беларусі. Слухачка Данута Крупіца з Ліды, што ў Гарадзенскай вобласці, прыслала паштоўку, у якой павіншавала нас са святам Вялікадня і пажадала творчых поспехаў, шчасця ды здароўя. Апроч таго, наша прыхільніца падзякавала за падарунак – “Беларуска-польскі і польска-беларускі слоўнік для дзяцей”. Нашмат раней супрацоўніц Беларускай рэдакцыі павіншаваў з 8 Сакавіка наш даўні сябра з Віцебска Андрэй Гуркоўскі. Ён таксама склаў 10 справаздач пра ўзровень прыёму ў снежні 2008 года і цягам трох першых сёлетніх месяцаў. Васіль Завадскі з Маладзечна Менскай вобласці прыслаў рапарт за мінулы вяшчальны сезон і заяўку ў “Канцэрт віншаванняў”. Справаздача складалася на тры перадачы. На жаль, спадар Завадскі не пазначыў хвалю ў рапарце аб праграме, якая прагучала 19 лютага а 16.30 паводле беларускага часу. Мікалай Волчык з вёскі Зіновічы Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці прыслаў нам першую ў новым вяшчальным сезоне справаздачу пра чутнасць. Напрыканцы сакавіка і ў пачатку гэтага месяца наш слухач прыняў некалькі перадач, а на пяць з іх склаў рапарты. Выглядае на тое, што ў Заходняй Беларусі чутнасць выпуску а 16.30 паводле Менска някепская. Агульная ацэнка прыёму на 31 і 25 метрах не апускаецца ніжэй за “чацвёрку”. |
Ад усёй душы вітаю вас, паважаныя слухачы! Пошта працягвае прыбываць. І гэта мяне вельмі цешыць! Нашы з вамі кантакты мацнеюць. Расце таксама цікавасць да гендэрнага конкурсу. Каб яна была яшчэ большай, я зараз паўтару ўмовы ўдзелу. Такім чынам: увага! Назавіце самаменш па пяць прозвішчаў славутых беларусак, вядомых полек і знакамітых жанчын з любых іншых краін. Абгрунтуйце свой выбар. Шаноўныя сябры! Свае прапановы выбітных жанчын дасылайце не пазней за 31 траўня 2009 года. У чэрвені будуць падведзеныя вынікі. Пераможцы атрымаюць цікавыя ўзнагароды. Між іншым, ужо падрыхтаваны гран-пры конкурсу. Гэта – каштоўная рэч. А, дакладней, радыёпрыёмнік “Grundig” з рознымі дыяпазонамі, у тым ліку з кароткімі хвалямі. За такую высакаякасную апаратуру варта пазмагацца! А што яна сабой ўяўляе? “Grundig Yacht Boy 50” – а менавіта ён будзе галоўнай узнагародай – адзін з найбольш сучасных прыймачоў. Ён дазваляе са стопрацэнтнай гарантыяй настройвацца на тую ці іншую хвалю. Карыстальнік бачыць на экране дакладную частату ў лічбах. |
|
|
Статыстыка |
|
|